Днямі Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што за мінулыя чатыры тыдні колькасць заражэнняў СOVID-19 у свеце павялічылася на 52 працэнты. Як гэта — захварэць на каранавірус, калі пік пандэміі ўжо даўно адышоў у гісторыю? «Люстэрка» пагаварыла з чытачамі, якія нядаўна перанеслі хваробу.

З меркаванняў бяспекі імёны суразмоўніц змененыя.
«Самае незвычайнае — балелі верхняя і ніжняя сківіцы»
30-гадовая Марына захварэла на каранавірус у лістападзе. Гэта быў яе чацвёрты ў жыцці COVID-19. Гэтым разам усё пачалося з прыезду мамы, якая збіралася пагасціць у дачкі з зяцем тыдзень. Перад пасадкай у аўтобус жанчына адчувала сябе «выдатна», у канцы дарогі «ёй ужо было вельмі кепска». Пазней тэрмометр паказаў, што ў яе 39 °C.
— Думалі, можа, мама нейкі вірус падхапіла, таму лячылі яе стандартна. Тэмпературу збівалі, але неўзабаве яна зноў павышалася. І так тры дні, — апісвае сітуацыю суразмоўніца. — Па адчуваннях усё было як звычайная прастуда, але на максімалках. Спачатку мы вырашылі, што гэта не кавід. Чаму? Бо ў мамы быў жорсткі насмарк. Да гэтага, калі я і яна хварэлі на каранавірус, такога сімптому ў нас не было.
Мама прыехала да пары ў нядзелю. Да серады занядужала ўжо Марына. У чацвер — яе муж. Сімптомы ва ўсіх адны і тыя ж: высокая тэмпература, слабасць, ламота, насмарк, невялікі кашаль у першы дзень, плюс балела горла.
— Калі адчула, што кепска ўжо і мне, напісала ў прыватную клініку, дзе назіраюся. Яны сказалі зрабіць тэст на кавід. У мамы COVID-19 пацвердзіўся, у мяне — не. Праз некалькі дзён я праверылася яшчэ раз — вынік аказаўся станоўчым, — расказвае суразмоўніца. — Агулам кепска мне было каля тыдня.
Моцны насмарк Марына лячыла сасудазвужальнымі кроплямі. Кажа, пасля іх рабілася «лепей», але нармальна дыхаць не атрымлівалася. У мамы прытупіліся смакі і пахі, у Марыны — толькі пахі.
— Самае незвычайнае — балелі верхняя і ніжняя сківіцы. З’яўлялася адчуванне, нібы трэніравала яе ці зуб выдаліла, — тлумачыць суразмоўніца. — Адкрываеш рот — баліць. Пазяхаць было некамфортна (смяецца).
На бальнічным Марына прабыла тыдзень. Да яго заканчэння стан выраўняўся. Мама таксама з’язджала амаль здаровай. Турбаваў яе толькі невялікі кашаль.
— Адзінае, пасля выздараўлення ў мяне і мамы пачалі моцна выпадаць валасы, — кажа жанчына. — Пасля таго як я другі раз перахварэла на кавід, у мяне была такая ж сітуацыя. Я здала аналізы, і яны паказалі, што моцна знізілася жалеза. Піла яго ў таблетках. Цяпер пакуль яшчэ не правяралася.
Паводле назіранняў Марыны, за апошнія гады людзі прывыклі да каранавіруса і ставяцца да гэтай хваробы прасцей.
— Памятаю, калі ўбачыла, што тэст зноў станоўчы, падумала: «Ну, кавід, ну, акей. Пасяджу дома». Тым больш я магу працаваць дыстанцыйна, — апісвае сваю рэакцыю жанчына і адзначае, што цяжэй за ўсё яна перанесла хваробу другі раз. — Гэта было ў лістападзе 2020-га. Да гэтага я хварэла ў траўні. Магчыма, так хутка зноў заразілася, бо здала плазму. Той восенню два месяцы тэмпература ў мяне была 37,3−37,5°C. Мне зрабілі УГД сэрца, шчытавідкі, кроў паглядзелі на розныя кампаненты, бо такая тэмпература можа значыць не толькі COVID-19. Але нічога не знайшлі.
Марына двойчы прышчаплялася ад каранавіруса — зімой і восенню 2022-га.
— У лістападзе 2023-га збіралася зрабіць гэта трэці раз, але, мабыць, нешта пайшло не так, — жартуе жанчына. — Думаю, калі б не гэтыя прышчэпкі, хваробу пераносіла б складаней, а так проста шмат часу ляжала. Цяпер ужо вакцынавацца не планую, пакуль ёсць натуральны імунітэт.
«Дагэтуль, калі я хутка прайдуся, назаўтра пачынаюць балець мышцы»

26-гадовая Яўгенія першыя сімптомы каранавіруса «злавіла» 1 снежня. Гэта была пятніца. Адчувала сябе як падчас прастуды: слабасць, балела галава. Дзяўчына зразумела, што захворвае, але вырашыла: выходныя адляжыцца — і ўсё наладзіцца. Вось толькі гэтага не здарылася.
— У суботу памерала тэмпературу, яна была дзесьці 37,2°C. У горле пяршыла, з’явіўся насмарк, пачалі балець мышцы на левай назе і косткі, асабліва тазавыя. Нават сядзець было балюча, таму большую частку часу я ляжала, — успамінае суразмоўніца. — У нядзелю з’явіўся стаматыт — белыя язвы на слізістай рота. Ён у мяне і раней здараўся, але падчас прастуды — ніколі. І не ў такой колькасці. Гэтым разам язваў было тры ці чатыры. Яны вельмі балелі.
Усе выходныя Яўгенія прабыла ў ложку. Піла супрацьвірусныя, шмат цёплай гарбаты і закрапвала нос марской вадой. Тэмпература зніжалася да 36,9−36,8°C. Да панядзелка яна стабілізавалася, але агульны стан не цешыў. «Сядзець на працы і чхаць» не хацелася, таму дзяўчына ўзяла таксі і паехала ў паліклініку, дзе яе адправілі здаць тэст на COVID-19.
— Гадзіны праз тры мне патэлефанавала сямейная доктарка (дзяўчына цяпер жыве ў Вільнюсе. — Заўв. рэд.) і паведаміла: «У вас каранавірус», — перадае тую гутарку Яўгенія. — Лячыцца яна парэкамендавала як падчас звычайнай прастуды: пырскаць горла або рассмоктваць таблеткі, капаць нос, піць больш цёплай вадкасці і менш хадзіць. Каб супакоіць нагу, параіла супрацьзапаленчы сродак і прапісала лекі для паласкання рота ад стаматыту.
Бальнічны Яўгенія не брала. Яна супрацоўніца лагістычнай фірмы, і наступныя чатыры дні дамовілася папрацаваць з дому.
— У пятніцу, 8 снежня, мой стан палепшыўся. Заставаўся стаматыт, насмарк, балела горла і была непрыемная сухасць у роце, — пералічвае сімптомы суразмоўніца і кажа, што ў гэты дзень вярнулася ў офіс. — Новага тэсту я не рабіла. У 2022-м, калі ўжо хварэла на каранавірус, дактары мяне папярэдзілі: «Праз тыдзень кавіду ўжо не будзе». Палічыла, раз захварэла 1 снежня, то 8-га хваробы можа не быць. І сямейная доктарка, калі тэлефанавала, сказала: калі няма тэмпературы, можна нават на самаізаляцыю не ісці.
Пасля хваробы сіл у дзяўчыны было менш, чым звычайна, «але гэта не перашкаджала».
— Хоць, можа, такі стан быў праз надвор’е і тое, што хочацца святаў, — разважае яна. — Дагэтуль, калі я хутка прайдуся, назаўтра пачынаюць балець мышцы. Для мяне гэта дзіўна, бо звычайна я чалавек вельмі актыўны. А яшчэ моцна абвастрыўся нюх. Дапусцім, вечарам вяртаюся з працы і адчуваю пах гарбаты, што піла з раніцы, або мандарынаў, якія ела. Нейкая ежа пачала для мяне пахнуць непрыемна. Учора была ў майстэрні, забірала сваю карціну. І калі звычайна я асабліва не адчувала фарбы, то гэтым разам не магла знаходзіцца ў памяшканні.
Раніцай 15 снежня, праз тыдзень пасля каранавіруса, Яўгенія знайшла ацёк на шыі. Падумала, што застудзіла, але ўнізе намацала запаленне, «нібы сантыметровы каменьчык». Цяпер ён у яе памерам з зярнятка грэчкі, цвёрды і ўсё яшчэ баліць.
— Да доктара я не пайшла, скарысталася «доктарам гугл», знайшла, што пасля каранавіруса ў некаторых людзей запаляюцца лімфавузлы. Прачытала, што гэта нармальна, — успамінае дзяўчына. — Да таго ж у мяне калісьці ўжо такое было. Праз тыдзень усё прайшло, таму моцна не хвалявалася. Нядаўна здавала аналіз крыві, мне сказалі, што ніякага запаленчага працэсу ў маім арганізме ўжо няма.
Сёлета ад каранавіруса дзяўчына не прышчаплялася. Апошнюю прышчэпку рабіла зімой 2022-га — гэта была яе трэцяя вакцынацыя.
— Да гэтага на каранавірус я хварэла толькі раз — у жніўні 2022-га, але тады я гэтага нават не адчувала. Проста стан быў такі, нібы пастаяла пад кандыцыянерам, — голас сіплы, горла балела, — апісвае сімптомы суразмоўніца. — Тое, што ў мяне каранавірус, я даведалася выпадкова. Мне трэба было класціся ў бальніцу. Перад шпіталізацыяй папрасілі зрабіць тэст на COVID-19. Памятаю, як мне патэлефанавалі і сказалі: «У вас кавід». Я такая: «Упс». Вельмі здзівілася. Гэтым разам усё працякала складаней.
Чытайце таксама