У Мінску ўсталёўваюць помнік Неўскаму, які не мае дачынення да беларускай гісторыі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Помнік Аляксандру Неўскаму ўсталёўваюць на скрыжаванні Старавіленскага тракту і Нававіленскай вуліцы каля амбасады Расіі. Фатаграфія працэсу ўстаноўкі з’явілася ў расійскіх прапагандысцкіх пабліках, заўважыў Reform.by.

Памятник Александру Невскому устанавливают в Минске 6 ноября 2023 года. Фото: телеграм-канал "Западнорусская атлантида"
Помнік Аляксандру Неўскаму ўсталёўваюць у Мінску 6 лістапада 2023 года. Фота: тэлеграм-канал «Западнорусская атлантида»

Роўна праз тыдзень, 14 лістапада, спаўняецца 760 гадоў з дня смерці расійскага князя Аляксандра Неўскага. Адкрыццё помніка будзе прымеркаванае да гэтай даты.

Пра тое, што ў Мінску ўсталююць помнік расійскаму князю, летась заяўляў амбасадар Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў на сустрэчы з патрыярхам Кірылам.

У жніўні гэтага года Грызлоў казаў, што ўжо пачалося заліванне пастамента, а вышыня скульптуры разам з ім складзе 11,5 метра. Ён адзначаў, што месца для размяшчэння помніка было абранае Мінгарвыканкамам.

— Скульптар — беларус, адліванне будзе таксама ў Беларусі, але асноўная частка інвестыцый [у праект стварэння помніка] - з боку Расіі, — дадаў Грызлоў.

Гэта не першы помнік Неўскаму ў Беларусі. Падобны ёсць і ў Віцебску.

Аляксандр Неўскі быў ноўгарадскім князем, вялікім князем Кіеўскім, а потым і Уладзімірскім. Вядомы палкаводзец XIII стагоддзя, ён выйграў Лядовае пабоішча на Чудскім возеры, а таксама Неўскую бітву. Прыхільнікі «рускага свету» лічаць Неўскага знакавай фігурай. Да Беларусі ж расійскі князь мае толькі апасродкаванае дачыненне — яго жонкай была полацкая князёўна Аляксандра Брачыславаўна.