Большасць амерыканцаў не згодная з заявай Трампа, што віна ў развязванні вайны ляжыць на Украіне. Пра гэта сведчаць звесткі апытання Reuters/IPSOS.
Толькі 7% апытаных лічаць Украіну галоўнай вінаватай пачатку вайны. 70% заявілі, што віны Украіны ў тым, што пачалася вайна з Расіяй, няма. Пры гэтым і сярод рэспубліканцаў такіх большасць — 62%. Сярод дэмакратаў такі пункт гледжання падзяляе 81%.
23% не вызначыліся або адмовіліся адказваць, хто больш вінаваты ў пачатку вайны.
У апытваных таксама пацікавіліся, ці павінныя Злучаныя Штаты атрымаць долю ўкраінскіх карысных выкапняў за дапамогу Украіне, на чым настойвае Дональд Трамп. 50% рэспандэнтаў адказалі адмоўна, 46% з гэтым пагадзіліся. Сярод рэспубліканцаў тых, хто падтрымлівае гэтае сцверджанне Трампа, аказалася 73%.
Нагадаем, раней Трамп крытыкаваў Зяленскага за ягоную рэакцыю на праведзеныя ў Саудаўскай Аравіі перамовы паміж ЗША і Расіяй. Ён фактычна ўсклаў віну за пачатак вайны на Украіну, назваў Зяленскага дыктатарам, заявіўшы, што таму давярае ўсяго 4% украінцаў і краіне патрэбныя выбары.
Пазней ён адмовіўся ад сваіх словаў, заявіўшы, што «не можа паверыць, што такое казаў».