Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Чарговыя выпрабаванні найноўшай расійскай міжкантынентальнай ракеты РС-28 «Сармат» скончыліся поўным правалам. Ракета не толькі выбухнула на старце, але і, імаверна, разбурыла адзіную ў РФ пляцоўку, прыдатную для яе выпрабаванняў. Шэсць гадоў таму менавіта «Сарматам» Уладзімір Пуцін пагражаў ЗША, а пасля адзінага паспяховага выпрабавання ў 2022 годзе гэтую ракету ў Расіі прынялі на ўзбраенне і нават паставілі на баявое дзяжурства. Як з дапамогай «Сармата» Расія планавала пераадолець тэхналагічную залежнасць ад Украіны, якія надзеі мела на «ўнікальную» ракету і што з ёю пайшло не так? Расказваем.

Навошта Расіі «Сармат»?

Каб замяніць іншыя міжкантынентальныя ракеты шахтавага базавання, распрацаваныя за часамі СССР ва Украіне, бо іх першапачаткова закладзены памежны тэрмін баявога дзяжурства скончыўся яшчэ ў 2018 годзе.

Испытания ракеты «Сармат» 20 апреля 2022 года. Скриншот: видео Минобороны России
Выпрабаванні ракеты «Сармат» 20 красавіка 2022 года. Скрыншот: відэа Мінабароны Расіі

Незадоўга да распаду СССР, у 1988 годзе, ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння гэтай краіны (РВСП, войскі, якія аперуюць ядзернай зброяй) прынялі на ўзбраенне міжкантынентальную ракету шахтавага базавання РС-20 В. У NATO яна атрымала пазначэнне SS-18 «Сатана», а ў Расіі яе называюць «Ваяводам».

РС-20В — гэта цэлы комплекс ўзбраення, які ўключае транспартна-пускавы кантэйнер, сістэмы кіравання, прыцэльвання, запраўкі, ядзерныя боегалоўкі і гэтак далей. У іх распрацоўцы ўдзельнічаў больш чым дзясятак савецкіх канструктарскіх бюро і прадпрыемстваў. Але непасрэдна саму ракету стварала канструктарскае бюро «Паўднёвае» ў Днепрапятроўску (цяпер гэта ўкраінскі Днепр).

Нават пасля распаду СССР, аж да 2014 года, украінскія спецыялісты з КБ «Паўднёвае» і іншых арганізацый праводзілі тэхнічнае абслугоўванне ракет «Ваявода», якія стаялі на ўзбраенні РВСП Расіі. Пасля анексіі Крыма РФ і пачатку агрэсіі на Данбасе падтрымліваць старыя савецкія ракеты ў баяздольным стане пачалі расійскія спецыялісты з Дзяржаўнага ракетнага цэнтра імя Макеева. Наколькі якасна яны гэта робяць, невядома. Канчаткова пагадненне пра абслугоўванне расійскіх стратэгічных ракет Украіна скасавала толькі пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання, у 2023 годзе.

«Сатана» («Ваявода») — гэта велізарная, вельмі магутная ракета стартавай масай 211,1 тоны (прыкладна як пяць танкаў Т-72). Запускаць яе можна толькі са стацыянарных (нерухомых) шахтаў — затое на велізарную адлегласць 11 тысяч кіламетраў. Ракета можа несці дзесяць боегаловак магутнасцю 800 кілатон у трацілавым эквіваленце кожная (для параўнання: магутнасць ядзернай бомбы, скінутай на Хірасіму, складала каля 15 кілатон). Паводле задумы савецкіх стратэгаў, ударам з васьмі-дзесяці РС-20 В з 80−100 боегалоўкамі можна было знішчыць 80% прамысловага патэнцыялу ЗША і большую частку насельніцтва гэтай краіны.

Канструктары заклалі ў РС-20 В трыццацігадовы памежны тэрмін знаходжання на баявым дзяжурстве. Як нескладана падлічыць, ён скончыўся ў 2018 годзе. Замену расійскія канструктары пачалі ствараць яшчэ ў 2009 годзе. Але не паспелі. У канцы 2017 года камандуючы расійскімі РВСП Сяргей Каракаеў паведаміў, што «Ваявода» застанецца на баявым дзяжурстве аж да 2027 года: «Плануецца забяспечыць нясенне баявога дзяжурства ракетным комплексам да 2024 года, што забяспечыць своечасовае пераўзбраенне ракетных палкоў на перспектыўны ракетны комплекс цяжкага класа. Акрамя таго, галоўным выканаўцам работ пазначаныя шляхі па падаўжэнні тэрміну эксплуатацыі, што забяспечыць нясенне баявога дзяжурства комплексам да 2025−2027 гадоў».

«Перспектыўным ракетным комплексам цяжкага класа», які згадаў Каракаеў, акурат і мусіў стаць «Сармат». У 2018 годзе намеснік міністра абароны Расіі Сяргей Барысаў аптымістычна заявіў, што «ўсе практычныя, навукова-тэхнічныя і вытворчыя праблемы» па стварэнні гэтага комплексу «ўжо пройдзеныя». І дадаў, што «падрыхтаваныя вытворчыя магутнасці, неабходныя для той колькасці ракет, якая будзе заказваць Міністэрства абароны».

Чым добрая (у тэорыі) новая расійская ракета?

Вялізныя стацыянарныя ракеты на вадкім паліве накшталт «Сатаны» і яго пераемніка «Сармата» выглядаюць перажыткам мінулага. Да пачатку 2010-х гадоў расійскае вайсковае кіраўніцтва нібыта вызначылася з тым, што асновай ядзернай моцы Крамля стануць менш манструозныя цвёрдапаліўныя ракеты «Таполя-М» і «Ярс». Якія акрамя шахтавага маюць і мабільны варыянт (то-бок той, які перасоўваецца на спецыяльнай платформе). Здольнасць хутка перамяшчацца выгадна адрознівае іх ад прывязаных да сваіх шахтаў стацыянарных ракет — бо праціўнік можа выведаць месцазнаходжанне апошніх і проста іх знішчыць першым ударам.

Акрамя таго, вадкасныя ракеты немагчыма захоўваць у запраўленым выглядзе, а іх падрыхтоўка да пуску займае шмат часу. Цвёрдапаліўныя ракеты не маюць гэтага недахопу.

Самоходная пусковая установка российского ракетного комплекса «Ярс» на шасси беларусского грузовика МЗКТ. Апрель 2015 года. Фото: Vitaly V. Kuzmin, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Самаходная пускавая ўстаноўка расійскага ракетнага комплексу «Ярс» на шасі беларускага грузавіка МЗКЦ, красавік 2015 года. Фота: Vitaly V. Kuzmin, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Тым не менш пазней расійскія вайскоўцы перадумалі і вырашылі, што ім усё ж патрэбныя і велізарныя стацыянарныя вадкасныя ракеты. Іх каштоўнасць заключаецца ў здольнасці несці вельмі вялікую карысную нагрузку: калі «Сатана» магла закідваць на іншы кантынент да 8,8 тоны, то стваральнікі «Сармата» абяцаюць ужо 10 тон. Магчымасці «Таполі-М» і «Ярса» значна сціплейшыя і абмяжоўваюцца масай 1,2 тоны.

Пры гэтым вялікая маса карыснай нагрузкі дазваляе велізарным стацыянарным ракетам несці адразу дзясятак боегаловак з індывідуальным навядзеннем. А гэта, у сваю чаргу, можа дапамагчы такім ракетам пераадолець сістэму супрацьракетнай абароны (СРА). Тую самую, якую над сваёй тэрыторыяй і над краінамі-саюзніцамі ў апошнія дзесяцігоддзі выбудоўваюць ЗША.

У 2018 годзе, калі скончыліся першапачатковыя тэрміны знаходжання на баявым дзяжурстве ракет «Сатана», піяр-акцыю ракеты, якая прыйшла ёй на замену, зладзіў сам расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Найноўшым расійскім распрацоўкам у галіне стратэгічнага ядзернага ўзбраення палітык прысвяціў больш чым траціну свайго паслання Федэральнаму сходу, якое стала выніковым для яго трэцяга прэзідэнцкага тэрміну.

Пуцін тады расказаў, што новы комплекс прайшоў паспяховыя выпрабаванні ў канцы 2017 года, што ён мае практычна неабмежаваную далёкасць палёту і можа атакаваць мэты як праз паўночны, так і праз паўднёвы полюс. Паводле расійскага прэзідэнта, такой зброі на той момант не было ні ў кога ў свеце, а калі з’явіцца — «нашыя хлопцы прыдумаюць нешта новае». І дадаў, што «ніякія, нават перспектыўныя сістэмы СРА яму не перашкода».

Часть россиян восприняли рассказы о новой российской ракете всерьез — на фото «Сармат-мобиль» в России. Скриншот: видео @indrive.auto
Частка расіян успрыняла аповеды пра новую расійскую ракету ўсур'ёз — на фота «Сармат-мабіль» у Расіі. Скрыншот: відэа @indrive.auto

Як пацверджанне словаў расійскага лідара на вялікіх экранах за яго спінай паказалі відэа з устаноўкамі, якія везлі міжкантынентальныя ракеты. На наступных кадрах з’явілася сама балістычная ракета, якая ўзлятае з шахты. А потым знятае відэа змянілася камп’ютарнай графікай, якая паказвае намаляваныя траекторыі ракет, скіраваныя праз абодва полюсы планеты да Паўночнай Амерыкі. Урэшце віртуальная раздзяляльная боегалоўка даставіла зарады да часткі сушы, якая нагадвае амерыканскі штат Флорыда.

Нібыта разумеючы, што многія гледачы да такіх аргументаў паставяцца скептычна, Пуцін дадаў: «Трэба ўсвядоміць гэтую рэальнасць, пераканацца ў тым, што ўсё, што мною было сёння сказана, гэта не блеф, — а гэта не блеф, паверце».

Што з «Сарматам» пайшло не так?

Усведамленню апісанай Пуціным «рэальнасці» перашкаджаюць некалькі аб’ектыўных фактаў. Пра самы апошні з якіх акурат і стала вядома ў мінулую нядзелю, 22 верасня. Выбух у Плясецку стаў самай гучнай аварыяй «Сармата» — але далёка не адзінай. Паводле ацэнкі «Агентства», адзіны паспяховы запуск новай расійскай ракеты адбыўся 20 красавіка 2022 года. Але нават гэтага расіянам хапіла, каб у верасні 2023 года афіцыйна паставіць яе на баявое дзяжурства.

Паводле звестак заходніх СМІ, на адзін удалы пуск «Сармата» ў 2017−2023 гадах прыпала пяць няўдалых. Чатыры разы ракету выпрабоўвалі ў 2017 і 2018 гадах — самы працяглы палёт «Сармата» тады доўжыўся крыху больш за дзве хвіліны. Праляцеўшы крыху больш за 35 кіламетраў, ракета страціла кіраванне і разбілася. Яшчэ пра адно няўдалае выпрабаванне тэлеканал CNN паведаміў у лютым 2023 года. Той пуск адбыўся акурат падчас візіту прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ва Украіну.

Испытания ракеты «Сармат», 20 апреля 2022 года. Скриншот: видео Минобороны России
Выпрабаванні ракеты «Сармат», 20 красавіка 2022 года. Скрыншот: відэа Мінабароны Расіі

Ці дастаткова аднаго паспяховага пуску з шасці вядомых, каб лічыць складаную сістэму ракетнага ўзбраення гатовай, прыняць яе на ўзбраенне і паставіць на баявое дзяжурства? Мы не ведаем — магчыма, для расійскага кіраўніцтва гэта нармальна. Але для параўнання прывядзём статыстыку выпрабавальных пускаў ракеты «Ваявода», яна ж «Сатана», якія завяршыліся прыняццем на ўзбраенне.

Першы запуск новай ракеты ў 1986 годзе быў няўдалым. Пасля выхаду з пускавой ўстаноўкі маршавы рухавік «Сатаны» не запусціўся, яна звалілася назад, выбухнула — і цалкам разбурыла шахту. Пасля гэтага Дзяржаўная камісія па правядзенні лётных выпрабаванняў арганізавала 26 выпрабавальных пускаў новых ракет, 20 з якіх прайшлі паспяхова. Пры гэтым прычыны ўсіх шасці няўдалых пускаў удалося выявіць і ліквідаваць — у выніку паспяховымі былі ўсе 11 апошніх пускаў з гэтай серыі.

Такім чынам, савецкая ракета «Ваявода», распрацаваная ўкраінскімі канструктарамі, стала на баявое дзяжурства пасля 26 выпрабавальных пускаў, у тым ліку 20 паспяховых. Новы ж расійскі «Сармат» трапіў на баявое дзяжурства пасля шасці выпрабаванняў — у тым ліку пяці няўдалых.

У святле гэтага не выглядае незвычайнай навіна пра тое, што яшчэ адно выпрабаванне «Сармата», якое адбылося ўжо пасля прыняцця ракеты на ўзбраенне, таксама аказалася няўдалым.

Чытайце таксама