У Мазыры перад прыездам Лукашэнкі сілавікі затрымалі па палітычных матывах не менш за 5 чалавек. Фрагменты затрыманняў паказалі ў тэлеграм-канале сілавікоў. «Флагшток» здолеў ідэнтыфікаваць аднаго з затрыманых — ім аказаўся 61-гадовы работнік Мазырскага НПЗ Ігар Шуканаў.
Паводле інфармацыі выдання, Шуканава затрымалі 1 жніўня ў лабараторыі вытворчасці аўтаматызацыі і сувязі МНПЗ.
Першае затрыманне праводзіла служба бяспекі прадпрыемства на тэрыторыі завода.
На выездзе з прахадной прадпрыемства ахоўнікі высадзілі Шуканава з заводскага УАЗа для перадачы супрацоўнікам ГУБАЗіК.
Сілавікі ўжо чакалі работніка завода на шэрым мікрааўтобусе МАЗ з мінскім нумарам АМ 6046−7. У новым захопе Шуканава ўдзельнічалі пяць міліцыянтаў. Двое ажыццявілі яго захоп і паклалі тварам у асфальт, пры гэтым адзін з іх каленам утрымліваў шыю завадчаніна.
«Гомельская Вясна» запісала сведчанні збіцця завадчаніна, якое не трапіла на відэа:
«Мы ўбачылі, што яны выцягнулі з машыны пажылога сівога мужчыну, кінулі яго на зямлю і, надзеўшы на яго кайданкі, пачалі жорстка збіваць. Я і ўсе навакольныя мяне жанчыны былі проста ў шоку: за што? Яны білі яго рукамі і нагамі па розных частках цела некалькі хвілін».
Сведкамі затрымання сталі работнікі завода, якія стаялі на прыпынку каля прахадной, а таксама для стварэння справаздачнага відэа для ведамаснага міліцэйскага тэлеграм-канала.
Прычынай затрымання Ігара Шуканава сталі перапосты незалежных СМІ на асабістай старонцы ў Facebook, у якіх выказвалася нязгода з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У той жа дзень 1 жніўня Ігара Шуканава асудзілі па другой частцы артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Рашэнне суда невядомае. 6 жніўня змесціва асабістай старонкі мазыраніна было выдаленае.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка наведаў Мазырскі раён 2 жніўня для праверкі ходу работ па ліквідацыі наступстваў непагадзі.
Чытайце таксама