У Мінску 6 снежня прайшло паседжанне Найвышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы з удзелам Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. На гэтым мерапрыемстве была падпісаная дамова «Пра гарантыі бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы». Аднак дакумент не публікавалі ні на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, ні на аналагічным рэсурсе ў Расіі. Гэта выклікае пытанні пра яго сутнасць і наступствы для беларусаў. Аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL расказвае пра яго змест.
Што ў дамове?
Паводле інфармацыі BELPOL, тэкст дамовы нагадвае пагадненне пра стратэгічнае партнёрства паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй, падпісанае сёлета. Нагадаем, што пасля заключэння гэтага пагаднення паўночнакарэйскія вайскоўцы з’явіліся на расійска-ўкраінскім фронце.
Асноўныя палажэнні дамовы паміж Беларуссю і Расіяй уключаюць:
-
Ваенная падтрымка: у выпадку пагрозы «суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці або знешнім межам Саюзнай дзяржавы» бакі абавязаныя даць адзін аднаму ваенную дапамогу і задзейнічаць «усе сілы і сродкі».
-
Стварэнне расійскіх вайсковых баз: Расія атрымлівае права на будаўніцтва дадатковых вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі і размяшчэнне сваіх войскаў.
-
Ядзерная зброя: дамова прадугледжвае магчымасць размяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Аднак кантроль за ёю застанецца выключна за Масквой, што цалкам выключае сцэнар, пры якім Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай.
-
Доўгатэрміновае дзеянне: дамова заключаная на 10 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем, што робіць яе актуальнай нават пасля змены ўлады ў Беларусі.
Магчымыя наступствы для Беларусі
З улікам цяперашніх падзей, такіх як баявыя дзеянні ў Курскай вобласці Расіі і на акупаваных украінскіх тэрыторыях, фармальныя падставы для прыцягнення беларусаў да ваенных дзеянняў супраць УСУ ўжо існуюць. Гэта можа прывесці да адпраўкі беларускіх грамадзян на вайну.
Акрамя таго, у дамове згадваецца выкарыстанне ядзернай зброі. Беларусь ужо ўцягнутая ў размяшчэнне расійскіх ядзерных узбраенняў, што робіць яе мішэнню для патэнцыйных дзеянняў у адказ.
Пагадненне ўзмацняе кантроль Расіі над Беларуссю, ператвараючы краіну ў плацдарм для ваенных аперацый і стратэгічны рэсурс у інтарэсах Крамля. Адсутнасць публічнага абмеркавання і недаступнасць тэксту дамовы грамадзянам Беларусі падкрэсліваюць закрытасць рэжыму Лукашэнкі і адсутнасць празрыстасці ў прыняцці рашэнняў, якія наўпрост уплываюць на лёс краіны.