Да 2029 года ў кожным раёне краіны мусіць з’явіцца сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс (ФАК). Такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня на адкрыцці ФАК «Алімп» у Дзяржынску.
Адкрыццё новага спартыўнага аб’екта ў райцэнтры прымеркавалі да Дня горада, які Дзяржынск адсвяткаваў у канцы траўня.
Аляксандр Лукашэнка наведаў новы ФАК і даручыў пабудаваць такія ж у тых рэгіёнах краіны, дзе такіх спартыўных аб’ектаў яшчэ няма.
— У кожным раёне ў наступнай пяцігодцы такі аб’ект мусіць быць, — сказаў ён.
Нагадаем, мінулым спартыўным мегапраектам Лукашэнкі былі лядовыя палацы. Даручэнне ўзвесці іх ледзь не ў кожным раёне ён даў яшчэ ў 2007 годзе. Праз сем гадоў Лукашэнка прызнаў, што з будаўніцтвам спартыўных і культурных аб’ектаў у краіне перабралі.
— Мы навучыліся рабіць гэта танна. Але мы іх столькі маем сёння, колькі не можам задзейнічаць, а галоўнае — яны не даюць нам той аддачы, на якую мы разлічвалі. Давайце спынімся з сацыяльнымі аб’ектамі і звернем увагу больш на вытворчасць, на тое, што прыносіць грошы. Трэба ўкладваць больш у вытворчасць і валютаакупныя праекты, — сказаў Лукашэнка.
Дарэчы, артыкул з гэтымі цытатамі Лукашэнкі ў першакрыніцы — дзяржагенцтва БЕЛТА — ужо не знайсці. Аднак матэрыял захаваўся ў архіве.
Адзначым, што, паводле звестак НАК Беларусі, у краіне налічваецца 45 лядовых арэн (на 118 раёнаў).