Беларуска размясціла ў TikTok кароткае відэа, у якім паскардзілася на праблемы з абменам даляравай банкноты. Іншыя карыстальнікі закідалі пост каментарамі з аповедамі, што аказаліся ў падобнай сітуацыі. Раней «Люстэрка» ўжо расказвала, што беларусы сутыкаюцца з цяжкасцямі падчас спробаў абмяняць валюту на беларускія рублі.
Карыстальніца TikTok расказала, што ў яе ў «РРБ-Банку» не прынялі для абмену банкноту наміналам 100 даляраў. Пазней яна ўдакладніла, што ў іншых фінустановах яе таксама не ўзялі. На адваротным баку банкноты відаць малюнак ці то птушкі, ці то самалёта, ці то яшчэ чагосьці.
@prosto_rol #foryou #врек #минск #валюта #ррб #ррббанк #штампнакупюре ♬ Change My Mind — Chris Alan Lee
У каментарах іншыя карыстальнікі пачалі дзяліцца гісторыямі, як самі аказаліся ў падобнай сітуацыі. «Кватэру куплялі, дык няхілая сума пайшла на абмен. Яны (банкноты. — Заўв. рэд.) не лічацца сапраўднымі, абмяняць іх ледзь атрымалася. Самі (банкі. — Заўв. рэд.) выдаюць, дык яшчэ і не прымаюць», — паведаміў адзін з карыстальнікаў. «А ў нас у цвілі была. Прычым банк такую даў, а памяняць ніхто не мяняў. Дык мы яе ў хлорку. Прынялі ў першым жа абменніку», — падзяліўся лайфхакам іншы карыстальнік TikTok.
«Шукайце валютна-абменны тэрмінал, я 1000 даляраў памяняла са штампамі», — параіла яшчэ адна карыстальніца.
Чаму ўзнікаюць цяжкасці з абменам валюты
Раней мы ўжо пісалі пра тое, што ў беларусаў узнікаюць цяжкасці падчас спробы абмяняць валюту на беларускія рублі. Некаторыя банкі адмаўляюцца прымаць банкноты, якія візуальна не выглядаюць пашкоджанымі, то-бок на іх няма нейкіх відавочных дэфектаў.
Гэта звязана з тым, што з ліпеня гэтага года большасць банкаў пачала прытрымлівацца адзіных правілаў замены банкнот у замежнай валюце. Для гэтага распрацавалі адзіны пералік прыкмет плацежнасці грашовых знакаў, яго ўхваліў Нацбанк. «Валюта правяраецца ў касах банка заўсёды згодна з гэтым пералікам прыкмет плацежнасці. У самой касе банка можна папрасіць інфармацыю пра тое, з якой прычыны вашая купюра не была прынятая, — растлумачылі раней у «Альфа-Банку».
Так, банкі дамовіліся, што будуць прымаць банкноты, калі на іх будзе не больш за пяць надрываў ці надрэзаў даўжынёй не больш за 3 мм (або адзін надрыў ці надрэз даўжынёй не больш за 5 мм). Пры гэтым залепленыя скотчам надрэзы таксама будуць улічвацца.
Каб грашовы знак прынялі для абмену, на ім можа быць не больш за тры візуальна бачныя малюнкі або надпісы, памер якіх не перавышае квадрат з бокам 10 мм (калі да 20 мм, то можа быць адзін такі малюнак на банкноце).
На банкноце можа быць не больш чым адна візуальна бачная пляма (памерам з квадрат з бокам 10 мм), каб яе абмянялі.
Гэтае змяненне звязанае ў тым ліку з санкцыямі супраць Беларусі, яны абмяжоўваюць магчымасці банкаў вывозіць старыя даляры і еўра, праблема іх назапашвання ў банкаўскай сістэме застаецца актуальнай. Новаўвядзенне дазволіць выключыць сітуацыі, калі банкі па-рознаму ацэньваюць плацежнасць банкнот наяўнай замежнай валюты.
Чытайце таксама