Амбасадары краін ЕС у сераду, 21 чэрвеня, узгаднілі 11-ы пакет санкцый супраць Расіі. Новыя абмежаванні, як чакаецца, закрануць Беларусь. Як паведаміў амбасадар Польшчы пры ЕС Анджэй Садась, адно з абмежаванняў датычыць транспартавання нафты праз нафтаправод «Дружба». «Люстэрка» разбіралася, ці пагражае Беларусі фінансавымі стратамі новы еўрапейскі пакет санкцый. Спойлер: адзін з варыянтаў дапускае, што Мінск нічога не страціць.
Адкуль і куды цячэ нафта праз «Дружбу»
Нафтаправод «Дружба» злучае Расію і еўрапейскія краіны. Ён пралягае праз Беларусь і Украіну. У нашай краіне нафтаправод з боку Бранска даходзіць да Мазыра, пасля чаго раздзяляецца на дзве галінкі. Першая — паўночная, ідзе ў напрамку Польшчы і Германіі, а другая — паўднёвая (труба праз Украіну ідзе ў Венгрыю, Славакію, Чэхію).
Ці ідзе цяпер нафта па гэтых нафтаправодах
У снежні 2022 года ЕС увёў эмбарга на імпарт расійскай нафты, а ў пачатку лютага 2023-га — і на імпарт нафтапрадуктаў. Пры гэтым магчымасць паставак канкрэтна праз нафтаправод «Дружба» пакінулі, як прадугледзелі і некаторыя іншыя паслабленні.
З лютага гэтага года праз паўночную нітку «Дружбы» нафта пастаўляецца толькі з Казахстана, а адгрузка расійскай сыравіны ў бок Польшчы і Германіі спынілася.
Праз паўднёвую нітку «Дружбы» працягваецца транзіт расійскай нафты, у тым ліку ў Венгрыю.
Як можа пацярпець Мінск ад новых санкцый
Афіцыйна рашэнне ЕС пра 11-ы пакет санкцый не было апублікаванае, таму пакуль незразумела, якія менавіта абмежаванні ўвядуць: закрануць яны толькі паўночную нітку «Дружбы» ці яшчэ і паўднёвую (або абедзве адразу).
Як паведамляюць польскія СМІ са спасылкай на Анджэя Садася, санкцыі датычаць паўночнай ніткі. Пры гэтым буйныя расійскія СМІ сцвярджаюць, што гаворка пра паўднёвую.
Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра паўночную нітку. І нават калі гэта сапраўды так, то застаецца незразумелым, закрануць абмежаванні транспартаванне толькі расійскай нафты ці з любой іншай краіны таксама.
Таму да апублікавання рашэння ЕС ці афіцыйных каментароў еўрачыноўнікаў патэнцыйна існуе як мінімум чатыры варыянты развіцця сітуацыі. Кожны з іх нясе розны ўзровень фінансавых стратаў.
Варыянт першы (самы імаверны): уводзяць забарону толькі на транспартаванне расійскай нафты праз паўночную нітку «Дружбы», а пастаўкі з іншых краін будуць дазволеныя. Тады гэта будзе сімвалічны крок з боку ЕС, бо фактычна энергарэсурсы з РФ цяпер і так не пастаўляюцца праз гэтую нітку. Мінск у гэтым выпадку не мусіць нешта страціць у фінансавым плане.
Варыянт другі (імаверны, але пад вялікім пытаннем): ЕС уводзіць забарону на пастаўкі любой нафты праз паўночную нітку. У такім выпадку Мінск страціць даходы ад транспартавання казахстанскай нафты. У Казахстана ёсць квота на 2023 год на прапампоўку нафты ў Германію праз «Дружбу» на ўзроўні 1,2 млн тон (або 100 тыс. тон за месяц). У студзені гэтыя пастаўкі не ажыццяўлялі, а ў лютым і сакавіку — не ў поўным аб’ёме, таму цяпер ідуць перамовы з расійскім бокам, каб падняць месячны аб’ём.
«Забарона на экспарт нафты праз паўночную нітку нафтаправода „Дружба“ ўдарыць па Беларусі як транзіцёры, а таксама па Германіі і Казахстане, калі гаворка пойдзе пра поўную забарону любой нафты, а не толькі расійскай», — прагназуе дырэктарка даследчай кампаніі InComeIn Ірына Юзвак.
Трэці варыянт (менш імаверны): забарона на пастаўкі расійскай нафты праз паўднёвую нітку. У 2021 годзе праз «Дружбу» праз Украіну (такім чынам, і праз Беларусь) прапампавалі 12 млн тон расійскай нафты, у тым ліку ў Чэхію — 3,4 млн тон, Славакію — 5,2 млн тон, Венгрыю — 3,4 млн тон. У 2022 годзе, паводле звестак расійскага ўрада, толькі ў Венгрыю праз паўднёвую нітку трубаправода «Дружба» 4,9 млн тон сыравіны.
Чацвёрты варыянт (ён жа — найменш імаверны): забарона транспартавання расійскай (або наогул любой) нафты праз абедзве ніткі. Гэты варыянт быў бы самым балючым для Беларусі, але ён малаімаверны. Адна з прычын — лабіяванне пытання Венгрыяй, якая залежыць ад паставак праз гэты трубаправод.
Дарэчы, сёлета Беларусь, якая страціла праз санкцыі даходы ад транзіту расійскай нафты праз паўночную нітку нафтаправода «Дружба», планавала падняць тарыф на прапампоўку праз паўночную і паўднёвую ніткі нафтаправода на 84%. Аднак расійскі бок не пайшоў на гэты крок.
У лютым Беларусь праіндэксавала тарыфы на 9% на транспартаванне нафты праз «Дружбу».
Чаму ёсць вялікая імавернасць, што санкцыі не закранулі паўднёвую нітку
Кіраўнікам МЗС краін ЕС удалося далёка не з першай спробы ўзгадніць 11-ы пакет абмежавальных мер у дачыненні да Расіі і Беларусі. Адной з краін, якая выступала супраць уключэння ў чарговы санкцыйны пакет нашай краіны, была Венгрыя.
Кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта ў лютым гэтага года прыязджаў у Мінск, ён стаў адзіным еўрапейскім чыноўнікам, які наведаў Беларусь за апошні час. Дыпламат адзначаў ролю Беларусі ў пастаўках нафты.
«Для Венгрыі энергазабяспечанне краіны — пытанне выключна важнае, — заяўляў Петэр Сіярта ў Мінску. — Эксперты МАГАТЭ ўсё больш і больш кажуць пра тое, што наступны зімовы перыяд для Еўропы будзе звязаны з яшчэ большымі выклікамі, чым той перыяд, які ў нас за спінай. Мы павінныя гаварыць пра бяспеку энергазабяспечання Венгрыі. З гэтага пункту гледжання Беларусь — вельмі важная краіна. Таму што 80% нафты паступае ў Венгрыю праз трубаправод „Дружба“, які праходзіць праз тэрыторыю Беларусі. Беларусь дагэтуль была надзейным, карэктным транзітным партнёрам Венгрыі. Беларусь гарантавала бесперабойную пастаўку нафты праз сваю краіну ў Венгрыю».
Дарэчы, амбасадар нашай краіны ў Венгрыі Уладзімір Улаховіч у красавіку заяўляў, што Будапешт лабіюе зняцце часткі санкцый з Беларусі.
Чытайце таксама