Украіна на Беларусь нападаць не збіраецца і ніколі не збіралася. Так украінскі лідар Уладзімір Зяленскі пракаментаваў заявы Лукашэнкі пра тое, што Кіеў нібыта прапануе Мінску заключыць «пакт аб ненападзе». Словы прэзідэнта Украіны працытавала агенцтва УНІАН.
— Усё, што Украіна афіцыйна прапануе, вы чуеце. Мы нападаць на Беларусь не збіраемся і ніколі не збіраліся. Няма такіх намераў. Гэта галоўны сігнал ад усяго ўкраінскага народа да беларускага народа, — заявіў Уладзімір Зяленскі на брыфінгу з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Нііністэ, які 24 студзеня прыбыў у Кіеў.
Зяленскі падкрэсліў, што для Украіны вельмі важна, каб Беларусь не страціла сваю незалежнасць і не ўступіла ў гэтую «абсалютна ганебную вайну». Ён упэўнены, што большасць беларусаў, у тым ліку вайскоўцаў, не хоча нападаць на Украіну.
— Што датычыць гэтага кірунку… Я бачу, што большасць насельніцтва Беларусі, я ўпэўнены, што большасць вайскоўцаў незалежнай Беларусі, якія з’яўляюцца вайскоўцамі менавіта Беларусі, яны не хочуць нападаць і ісці сілай са зброяй на ўкраінскае грамадства, — сказаў Зяленскі.
Ён заявіў, што Украіна будзе здзіўленая наступленню беларускіх войскаў.
— Што да расійскіх войскаў, якія могуць апынуцца сёння на любой тэрыторыі любой дзяржавы, таму што яны лічаць, што ў іх такі, ведаеце, «ваенны шэнген», і таму, мне здаецца, гэта ўсё залежыць ад павагі насельніцтва любой дзяржавы да сваёй дзяржавы, а таксама павагі кіраўніцтва той ці іншай дзяржавы, якая можа дапусціць ці не пускаць вайскоўцаў, узброеных людзей на сваю незалежную тэрыторыю, — сказаў Зяленскі.
Нагадаем, 24 студзеня Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё абурэнне на адрас Украіны. Паводле яго словаў, Кіеў прапануе Мінску заключыць пакт аб ненападзе і пры гэтым «працягвае рыхтаваць баевікоў і экстрэмістаў». У Крамлі не змаглі пракаментаваць словы Лукашэнкі, бо не маюць інфармацыі на гэты конт. Старшыня камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Мярэжка заклікаў не верыць словам Лукашэнкі, бо той «часта робіць супярэчлівыя заявы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці». Спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка ў гутарцы з «Люстэркам» адзначыў, што Украіна перасцерагае Беларусь ад агрэсіўных планаў.